02/06/2026
7 чэрвеня ў Вільні пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу кнігі “Гісторыя Гародні (1919–1991). Нацыяналізацыя, вынішчэнне i саветызацыя сярэднеэўрапейскага места” з удзелам яе аўтара Фелікса Акермана.
Хто аўтар?
Фелікс Акерман – нямецкі гісторык і публіцыст, прафесар, загадчык кафедры публічнай гісторыі ўніверсітэта ў Хагене (Fernuniversität in Hagen).
Пра што гэтая кніга?
Гэтая кніга — спроба напісаць гісторыю Гародні ХХ ст. з гледзішча культурнай антрапалогіі. Яе базай паслужылі вусныя аповеды гарадзенцаў, архіўныя пошукі, а таксама ранейшая гістарыяграфія, да якой аўтар ставіцца падкрэслена крытычна. Адказ на пытанне, як узнікла беларуская Гародня, даецца з улікам мясцовай гісторыі фармавання трох нацыянальных праектаў — польскага, савецкага і ўласна беларускага — на сутыку трох краін — Беларусі, Польшчы і Літвы.
У кнізе апублікаваныя дзясяткі дакументаў і фатаздымкаў, частка з іх — упершыню.
Каб падрыхтаваць гэтую кнігу, аўтар правёў гутаркі з дзясяткамі месцовых ураджэнцаў. Сярод іх Анджэй Пачобут, прафесар Алесь Смалянчук, Аляксандр Мілінкевіч, краязнаўца Аляксандр Госцеў.
Аб чым гэта кніга?
- пра беларускія мясціны і пра беларускіх дзеячоў у Гародні ў міжваенны перыяд.
- пра канфлікты паміж хрысціянамі і юдэямі ў тым самым часе.
-пра першыя саветы ў Гародні (верасень 1939 – чэрвень 1941), якія прынеслі, з аднаго боку, дэпартацыі мясцовага насельніцтва і іншыя рэпрэсіі, а, з другога, беларусізацыю сістэмы адукацыі.
- пра стратэгіі выжывання шматэтнічнага насельніцтва Гародні ва ўмовах нямецкай акуапацыі і масавае забойства гарадзенскіх яўрэяў.
- пра другія саветы, і прынесеныя імі хвалі русіфікацыі і саветызацыі.
Час правядзення прэзентацыі:
Вільня, 7 чэрвеня (нядзеля), 16:00 — 17:30.
Адрас: Беларускі дом, Vilniaus gatvė 20, Vilnius.