30/06/2026
Першы беларуска-літоўскі сямейны фестываль “Пад чароўным дрэвам”, арганізаваны Асацыяцыяй беларускіх бацькоў у Літве, адбыўся!
🤝 Для нас гэта было не проста культурнае ці дзіцячае мерапрыемства. Гэта была спроба стварыць прастору даверу, павагі і добрасуседства – месца, дзе сустрэнуцца беларусы і літоўцы, дзеці і дарослыя, сем’і, творцы, грамадскія ініцыятывы і партнёры.
💛 На працягу ўсяго дня гучалі літоўская і беларуская мовы. Не адна замест другой і не адна насуперак другой, а разам – у атмасферы адкрытасці, сяброўства і ўзаемнай павагі.
👌🏻 Праграма фестывалю была надзвычай разнастайнай: ад інтэрактыўнай дыскусіі з удзелам беларускіх і літоўскіх дзіцячых аўтарак і аўтараў да майстар-класа па паркуры з літоўскімі трэнерамі, ад прыгатавання піцы дзецьмі пад кіраўніцтвам беларускага рэлакаванага бізнесу - да сапраўднага рок-канцэрту з удзелам гуртоў, у якіх разам граюць беларусы і літоўцы.
🙏🏼 Асобна дзякуем сябру Сейма Літоўскай Рэспублікі Русланасу Баранавасу, які прыняў удзел у адкрыцці фестывалю і сказаў шмат важных словаў падтрымкі.
💛 Шчыра дзякуем таксама літоўскім інтэлектуалам, экспертам і грамадскім дзеячам, якія прыйшлі на фестываль і падтрымалі нас сваёй прысутнасцю. Для нас гэта важны знак адкрытасці, павагі і гатоўнасці да дыялогу з беларускай супольнасцю ў Літве.
❤️ Дзякуем усім беларусам і літоўцам - удзельнікам, гасцям, валанцёрам, партнёрам і сябрам фестывалю. Разам – некалькім сотням чалавек! Асобная падзяка Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў Bellit.info - усё пра беларускую літаратуру, Таварыства Беларускай Культуры ў Літве , беларускаму клубу “Сябрына”, арганізацыі Artscape, Stembridge School, сябрам Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве, арт-прасторы SODAS 2123 і ўсім, хто падтрымаў фестываль словам, справай, ідэяй ці сваёй прысутнасцю.
🌞 Мы зрабілі гэты фестываль, каб паказаць: беларусы ў Літве і літоўцы могуць разам рабіць важныя і прыгожыя рэчы. Мы можам бліжэй знаёміцца, абменьвацца культурамі, мовамі і досведам – без стэрэатыпаў і дыстанцыі.
👧🏼 Асабліва важна, што ў цэнтры фестывалю былі дзеці. Менавіта яны будуць жыць у свеце, які мы сёння разам ствараем. Хочацца, каб яны раслі ва ўмовах добрасуседства, узаемаразумення і павагі да сваіх каранёў – і ў будучыні былі карыснымі і Літве, і, спадзяёмся, свабоднай і квітнеючай Беларусі.
❤️ Напрыканцы падзелімся словамі адной з літоўскіх удзельніц фестывалю: “Я лічу, што беларусы - самы блізкі літоўцам народ”. Хтосьці можа пагадзіцца з гэтым, хтосьці - паспрачацца. Але калі пасля такога фестывалю некаторыя людзі робяць падобныя высновы, значыць, такія мерапрыемствы маюць сэнс.
🌳 Спадзяёмся, што “Пад чароўным дрэвам” стане штогадовай традыцыяй. І спадзяёмся, што наш прыклад натхніць іншых ствараць падобныя прасторы сустрэчы, дыялогу і ўзаемнай павагі!
🤗 А ўсіх, каму блізкія нашыя каштоўнасці і ідэі, запрашаем далучацца да Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве!
Разам мы можам больш!